СЕРААРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

рэчывы, малекулы якіх маюць атамы серы, злучаныя з атамамі вугляроду непасрэдна або праз гетэраатамы, найчасцей атамы кіслароду і азоту. Да С.з. адносяцца тыолы (меркаптаны), сульфакіслоты, сульфіды арганічныя, сульфаты арганічныя, сульфоніевыя злучэнні (гл. Оніевыя злучэнні) і інш., а таксама гетэраараматычныя злучэнні, найважн. з іх — тыяфен і тыазол. Разнастайнасць С.з. абумоўлена спецыфічнымі ўласцівасцямі серы, якая з’яўляецца адным з асн. арганагенаў. С.з. пашыраны ў прыродзе: амінакіслоты — цыстэін, цысцін і метыянін, вітаміны — тыямін, біяцын, ліпоевая кіслата, ёсць у высокасярністай нафце, кам.-вуг. і сланцавых смолах, прыродным газе некат. радовішчаў. Выкарыстоўваюць у прам-сці як фарбавальнікі, экстрагенты, манамеры, антыаксіданты, растваральнікі і інш., многія прыродныя і сінт. як лек. прэпараты (напр., антыбіётыкі пеніцылін і цэфаласпарын, сульфаніламідныя прэпараты). Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 14, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)